epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На ўсе часы

Мы ўсе пад Богам у бясконцасць крочым,

Бязлітасны пад ім жыццяварот...

Мой брат старэйшы стаў даўно малодшым,

Я перажыў яго на дваццаць год.

 

Хаця і часу не прайшло багата,

На месца ўсё расставілі гады.

На фотаздымку — аднагодак тата,

Тады — стары, а сёння малады.

 

А вось і мама — з вечнасці бяздоння,

Прыгожая, хоць стаў на абразы.

Тады старой здавалася, а сёння

Я за яе сталейшы ў два разы.

 

І Галечка, якой Стваральнік-дойлід

Адмераў скупа — годзік усяго.

А мне б вярнуць вас з нематы-няволі

У дзень сучасны, да жыцця майго.

 

Гляджу я вочы ў вочы — не агульна,

І сэрцам чую вашы галасы.

О, як было мне з вамі жыць утульна,

І холадна без вас — на ўсе часы.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.