epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На вякі

Ў маленстве далёкім

і ў старасці блізкай,

Заўжды за якой надыходзіць зіма,

Я чую, як мама пяе над калыскай,

Хоць зыбкі няма той

І мамы няма.

 

А той калыханачцы не перашкоды

Падзеі,

Гады,

І бяда,

І нуда.

Яна ў маім сэрцы,

са мною заўсёды,

Яна для душы, як жывая вада,

 

Як незамутнёных ўспамінаў крынічка,

Як з мамай пяшчота —

шчака да шчакі.

Жыццё маё згасне някідкаю знічкай,

А вось калыханка ў жыцці —

На вякі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.