epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

На вяршыню Галгофы

Думкі, мары нязбыўныя, рыфмы і строфы,

Перажытага гмах, недажытага міг,

Я праз сілу нясу на вяршыню Галгофы,

Да няўсыпных і праведных суддзяў маіх.

 

Гэта толькі яны з паднябёснай вяршыні

Назіралі штоміг ад народзін за мной.

Кожны крок па жыцці адзначалі няспынна

І грахі, і памылкі, адна за адной.

 

Ну а спраў маіх добрых маглі не заўважыць,

Як не бачылі іх пры жыцці на зямлі.

Будуць там, на Галгофе, грахі мае важыць,

А не добрыя справы, якія былі.

 

Я зрабіў гэтых спраў у жыцці дастаткова,

Хоць без гучных адзнакаў анкета мая.

І калі мне дадуць там апошняе слова,

Заяўлю, што ні ў чым не пакаюся я.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.