epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Начная эпапея

Восень позняя. Першы снег

Дзе-нідзе прыбяліў далягляды.

Набірае зіма разбег,

Хаця ёй не зусім мы рады.

 

Я не здолеў заснуць ніяк,

Выйшаў з хаты дыхнуць на ганак,

Раптам відна зрабілася так,

Быццам гэта не ноч, а ранак.

 

Зірк у верх я — і ледзь не ў крык,

(Жах у сэрцы яшчэ й цяперка)

Добра, што прыкусіў язык,

Бачу, ўверсе вісіць талерка.

 

І ліхтарыць — вакол, як днём,

Асвятляе усё наваколле.

І зіхціць, і пячэ агнём

Так, што ў садзе аж дым ад голля.

 

Павісела — і, як не было,

Знікла, толькі дымок ад яблынь.

Апяклося і ночы крыло,

Ды і я, нібы спечаны яблык.

 

У мяне ледзь душа не вон,

Перажыў эпапею начную.

Я схапіўся за тэлефон,

І спецслужбам тэлефаную.

 

А яны мне ў адказ: «Ха-ха!»

Зубы скаляць замест сур’ёзу.

Кажуць, складна каб так брахаць,

Трэба конскую выпіць дозу.

 

Я па-польску крычу: «Пся крэў!»

Я па-руску: «У рот вам дышла!»

У мяне ўвесь вунь сад счарнеў,

Падзівіцеся, што тут вышла.

 

Панаехала ўсё-ткі іх —

Не ступіць, не прайсці, непрадых.

 

Акруціліся й хочаць назад,

Зноў хіхікаюць нада мною,

Бо, пакуль яны ехалі, сад

Закіпеў, заквітнеў, як вясною.

 

Яны ўзважваюць «супраць» і «за»,

Бо няма голля чорнага ў садзе.

А што сад заквітнеў — драбяза,

Перад самай зімой, ў лістападзе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.