epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Начныя прыгоды

Яўсей Нябожык меркаваў вярнуцца дамоў завідна, але, парашаўшы ўсе свае нескладаныя пытанні ў суседняй вёсцы, нечакана забавіўся — сустрэў «аднадумцу» па кілішкавай праблематыцы.

Слова за слова, пляшка за пляшкай, і — вечар саступіў дарогу ночы. І хоць верасень выдаўся ў гэтым годзе цёплы, затое ночы, асабліва хмарныя, былі такія ўжо цёмныя — хоць пальцам у вочы пары, не пазнаеш, хто пора.

Вось менавіта такой ноччу мусіў Яўсей вяртацца дадому. А дарога ад вёскі да вёскі ляжала не бойкая, а падводамі пракладзеная, ды яшчэ ў адным месцы тулілася да вясковых могілак. Не мала смеласці трэба мець чалавеку, каб адолець аднаму ноччу гэтыя пяць вёрстаў.

Але разагрэтыя гарэлкай Яўсеевы мазгі пра гэта спачатку не думалі. Астудзіліся яны хутка — варта было пакінуць Яўсею за спіной вёску і нырнуць з галавой у цемру непраглядную. Дарогу і тую трэба было шукаць пад нагамі навобмацак. Праўда, дапамагалі кволыя прасветы неба над галавой, якія крыху праглядваліся між навіслым лесам. У дадатак да ўсяго Яўсей быў баязлівец з баязліўцаў.

— Можа, назад вярнуцца? — прашаптаў Яўсей, але шэпт у цемры падаўся нейкім жудасным, і ён моцна сціснуў рот. Мазгі ж ліхаманкава віравалі, нараджалі адну думку за другой, ды такія неверагодныя і страшэнныя былі думкі, што ў Яўсея заляскацелі зубы. І чым бліжэй Яўсей падыходзіў да могілак, тым мацней трэсла яго.

«І што ў мяне за прозвішча? — думаў чамусьці ён.— Нейкі Нябожык... Я і не Бог, я і не Божык... Дык хто я?..

А можа, маё прозвішча Нябожчык? Я — Нябожчык...» — І Яўсей ад гэтай думкі пахаладзеў, як сапраўдны нябожчык.

Яўсей ішоў, задраўшы галаву, пазіраючы на неба і спатыкаючыся аб каменне ды карэнне. Яму падалося, што дарога даўно згублена, і, самае галоўнае, ён не ведаў: мінуў ён могілкі ці яны яшчэ наперадзе.

«А што, калі зрабіць так?» — падумаў ён і перахрысціўся, хоць не быў набожны. Потым перахрысціўся яшчэ і яшчэ, прышэптваючы:

— Божа святы! Давядзі да дому! Піць перастану, жонку буду слухацца. Склеп, які капаю два гады, дакапаю за дзень... Божачка мілы! Пакажы дарогу! Павяртаю людзям напазычанае, на іншых баб вокам не гляну, піць перастану...

Яўсей спыніўся:

— Што я заладзіў: піць перастану ды піць перастану? А ў мяне ж у кішэні пляшка, якую я ўзяў зранку пахмяліцца. Во дурань! Не выкідаць жа яе! Навошта я падманваю Бога? Бяру свае словы назад! Вось зараз яе апрастаю, а потым вярнуся да пацераў! — І Яўсей задраў галаву, асушваючы пляшку.

— Хух! — выдыхнуў ён, калі апошняе «буль» праскочыла праз рыльца ў горла.— Вось і паласкавела! Цяпер можна і напрамкі, і нацянькі!

Ішоў Яўсей борзда праз лажкі ды праз гушчаркі, але яму толькі здавалася, што ён жвавы ды рухавы, на самай справе ён добра нагрузіўся і, як вынік, заблудзіў. Ды і на сон пацягнула і прылегчы хацелася.

«А колькі ж часу?» — падумаў ён і чыркнуў запалкай па карабку. Зірк на гадзіннік — і зноў пахаладзеў: было роўна 12 гадзін ночы. Поўнач! А ў такую пару чэрці заступаюць на варту! Зноў заляскацелі Яўсеевы зубы, яму падалося, што запалка высветліла крыжы на могілках. Запалка згасла, і цемра яшчэ гусцей пачарнела. Яўсей адчуў, як крыжы з усіх бакоў датыкаюцца да яго. Ён рэзка адскочыў, балюча ўдарыўшыся аб нешта вострае лбом, ад чаго ў вачах успыхнулі слупы святла — зрабілася відна, як днём. Яўсей азірнуўся навокал: сапраўды могілкі, дзе ён кожны год бывае на Радаўніцу, дзе пахаваны яго бацькі і многія аднавяскоўцы. Зусім і не страшна...

Раптам над кожнай магілай паказаўся ледзь бачны белы ці дымок, ці парок, які стужкай уздымаўся ўверх, набываючы абрыс чалавека.

— Бацюхны! — зашаптаў як зачараваны Яўсей.— Дык вунь жа мама, вунь тата! Чамусьці нейкія белыя, празрыстыя! А вунь дзядзька Антось, наш былы сусед, далей — цётка Зося... Колькі знаёмых і крыху забытых людз...

Яўсей ледзь не прашаптаў слова «людзей», але апамятаўся. Гэта было нешта незразумелае, штосьці містычнае. Гэта былі душы тых, каго ўжо няма на зямлі сярод жывых. Але яны, гэтыя люмінесцэнтна-празрыстыя абалонкі, былі копіямі тых, хто спачываў тут, пад магільнымі плітамі. Яны лёгка і няшумна перамяшчаліся, не сутыкаючыся, а пры сустрэчы не абміналі адно аднаго, а лёгка праходзілі праз сабе падобных, як святло праз святло.

Яўсей заўважыў, што асобным гуртам сабраліcя душы людзей сталага веку, воддаль скупіліся тыя вяскоўцы, хто пайшоў з жыцця заўчасна і каго пры жыцці называлі «алкашамі». Далей ладзілі свае недагуляныя гульні душы дзяцей.

Чамусьці асобна стаяла душа... Яўсей нават забыўся з часам яго прозвішча. Ён і жыў воўкам, потым узяў грэх на душу — забіў чалавека, а неўзабаве і сам памёр у турме ў даволі маладым узросце.

Пачулася гаворка, гоман, і Яўсей даведаўся, што кожную ноч а 12 гадзіне душы памерлых на гадзіну паднімаюцца наверх, каб успомніць былое.

«А кажуць, што душы людзей у небе лётаюць»,— падумаў Яўсей, але думку яго перарваў крык з алкашовага гурту:

— Ты памятаеш, скатабаза, як ты мне недаліў? Сабе поўную шклянку, а мне палавіну!

— Ды ты заўсёды хмяліў сваё рыла на халяву! — пачулася ў адказ.

З гурту людзей сталага веку даляцела:

— Да чаго ж брыдка ляжаць побач з такімі. Мы пражылі жыццё сумленна, у працы ды згодзе. Дадзенае Богам мы прымалі з удзячнасцю і любоўю, кожнаму дню аддавалі часцінку сваёй душы, каб нашым дзецям жылося па-людску...

— Дарэчы, пра дзяцей,— пачуў Яўсей голас сваёй маці.— Як там наш Яўсейка? Хоць яму і сорак гадоў, а ён яшчэ дзіцянё...

Яўсееў бацька падхапіў размову:

— Хоць бы сынок дажыў да сталага веку ды некалі прылучыўся да нас, а не патрапіў да тых вунь выпівох...

— Што ты?! — запярэчыла Яўсеева маці.— Ён у нас не такі!

Яўсей не стрымаўся і закрычаў што ёсць сілы:

— Дажыву, тата! Я не такі, мама!..

Расплюшчыў Яўсей вочы — сонца высока ў небе, сам ён ляжыць пад карчажынай у нейкім гушчары, побач валяецца пустая бутэлька з-пад гарэлкі.

— Дажыву, тата! — паўтараў Яўсей, не разумеючы, да чаго ён дажыве і навошта гэта паўтарае.

Галава гула, лоб, відаць, валячыся, аб нешта рассадзіў. Ён з цяжкасцю ўстаў на ногі, азірнуўся. Вусны працягвалі шаптаць:

— Я не такі, мама... Я дажыву, тата... Піць перастану...

Яўсей палез праз гушчар, шукаючы дарогу і кумекаючы, як ён тут апынуўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.