epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нацыянальны скарб

Прыязджае ў Беларусь замежжа —

Ў Беларусі любяць гасцяваць.

— Прыгажосць — жыцця вяршыня, вежа,—

Ад гасцей наехаўшых чуваць.

 

Маладыя й сталыя мужчыны

Кажуць смачна ўслых праз «ваў» ды «гут»:

— Самыя прыгожыя жанчыны

Толькі ў Беларусі!

Толькі тут!

 

Мужыкоў мясцовых памяркоўнасць

Не здзівіла гэта «навіна».

Мы пра беларусак, іх чароўнасць,

Без замежжа ведаем здаўна.

 

Мы нацыянальны скарб жаночы

За багацці ўсе не аддадзім.

— Так што не вылуплівайце вочы,

Замяжоўцы!

Так і скажам ім.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.