epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Надпісы на сценах

Чытаю надпісы на сценах,

Напісаныя ад рукі:

— Ударым голадам па цэнах!

— Затужым рэмнем пазванкі!..

 

Які тут сэнс хаваюць словы?

Ён не для розуму майго,

Хоць не зусім я безгаловы —

Дзіўлюся — што тут да чаго?

 

Махнуў рукой, заходжу ў краму —

Асартымент, прывабнасць, пах!

А цэны!.. Як не ўспомніць «маму?» —

Штодня растуць, як на дражджах.

 

Ды к чорту ўсё! К ядрэні фені!

Тужэй свой рэмень зацягну.

Калі харчы не па кішэні,

Пайду шукаць сваю сцяну.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.