epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Надзея, Вера і Любоў

Адчуў я ў сэрцы май, не без прычыны,

А полымя агню адчула кроў.

Сустрэліся мне дзіўныя дзяўчыны,

Іх тры — Надзея, Вера і Любоў.

 

Збывацца сталі мары-дабрадзеі,

Душа інтрыгі хмельны водар п’е.

Найперш я падкаціўся да Надзеі,

Казыр мужчынскі стаўлю на яе.

 

Ад думкі пра яе я проста млею,

Міжволі абміраю ад сустрэч.

Я ускладаў надзеі на Надзею,

Яна ж надзеі шуганула прэч.

 

Яна мне адказала з мінай поснай:

— Як кавалер вы ўсё-ткі не ў цане.

Мая надзея ўмёрла не апошняй,

А першай за ўсе мары й за мяне.

 

Крутнуў я зацікаўленасць да Веры,

За ёй, як цень шыбую — аж узмок.

Але і да яе мне мала веры,

І гэта краля верне нос у бок.

 

А што ж Любоў?

Я хуценька да Любы:

— Якое ў вас імя! О цуд — Любоў!

— Так, я Любоў.

І ўсё ж вы мне не любы —

Адчуў я душ з яе халодных слоў.

 

Вось вам Надзея, і Любоў, і Вера...

Чароўны і загадкавы букет.

У чым інтрыга — хай яе халера?

У чым жа ён, маіх няўдач сакрэт?

 

Няхай цвіце букет чароўна-дзіўны,

А для мяне — усё наадварот.

Для іх я — нейкі экспанат архіўны,

Мне — семдзесят, а ім — па дваццаць год.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.