epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Надзея

Пакуль не стыне кроў, бруіцца ў жылах,

Надзея — мой анёл, заўжды са мной.

Мяне трымае на нябачных крылах,

А, калі трэба — за мяне сцяной.

 

Крышылі лёс няўмольныя падзеі,

Цягнулі безвыходнасцю на дно.

І я даўно б загінуў без надзеі

Альбо абезхрыбеціўся даўно.

 

Нястомны я, пакуль са мной надзея,

Мяне не зрынуць галавой у вір,

Хоць кажуць — дурань думкай багацее,

І ўсё ж яна — апошні мой казыр.

 

Я ведаю — ёсць прымаўка старая,

Што у надзеі самы доўгі век,

І што яна апошняй памірае.

Ды не! Былое гэта абвяргае —

Апошнім памірае чалавек.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.