epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Наіўнасці дзіця

А я, наіўнасці дзіця,

Пакутую: а што калі

Надыдзе час, пайду з жыцця —

Што я пакіну на зямлі?

 

Вачамі лашчу далягляд,

Зірну вакол — я тут прарос.

І горка мне — пакіну шмат

Да болю роднага, да слёз.

 

І грудзі спальвае адчай,

І холад чуецца спіне —

Вунь, сіні бор, зялёны гай

З маленства песцілі мяне.

 

Яднае нас давер і лад

Усё жыццё, усе гады...

Адкуль не вернешся назад,

Падацца мушу назаўжды.

 

Палі бывайце і лугі,

Прыму бязлітасны прысуд.

Пакіну самы дарагі,

Адзінай продкаўшчыны кут.

 

Бывай, рамонкавы усход,

Заўсёды новы — кладзесь сноў,

Бярозак годны карагод,

Прыстойнасць велічных дубоў.

 

І, калі ёсць душа — яна

Узрадуецца, як дзіця,

Што неўміручая вясна

Усё вяртае да жыцця.

 

І чую вечнасці уздых:

Усё вяртае, ды не ўсіх...


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.