epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Наканавана

Іду па роднае зямлі,

А нада мною жураўлі,

Край неба стылы.

А сум за сэрца — шчып ды шчып,

А я нагамі — клып ды клып,

Эх, мне бы крылы.

 

Але куды ляцець? Куды?

Хоць восень тут і халады,

Ды тут Радзіма.

Тут разам зімаваць мне з ёй,

Ляцець з гнязда душы маёй

Мне немагчыма.

 

У вырай адлятаць — не мёд,

А птушкі мусяць кожны год

Ляцець старанна.

Тут гнёзды віць, там зімаваць,

Там па Радзіме сумаваць

Наканавана.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.