epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Намаганні

Каб жыць мне сёння,

выжываў я ўчора

Зразаючы свой лёс

у кроў ад путаў.

Ў жыцці я ролю меў

і без суфлёра

Чытаў па-свойму

маналог пакутаў.

 

Каб жыць мне сёння,

я не жыў калісьці,

Цягаліся мы з беднасцю за грудзі.

Ці шмат было

з майго ілба карысці,

Што біўся у сцяну да правасуддзя?

 

Каб жыць мне заўтра,

сёння іншым чынам

Жыву і поўню

творчай долі чашу.

Усё, што Бог мне даў,

як зерне, кіну

Для новага жыцця

у глебу часу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.