epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Напаследак «Марш»

У вольны час,

прыгрэўшыся на сонейку

Ў бліскучых храмачах.

ў кашулі чыстай,

Лявон сядзеў,

пілікаў на гармоніку —

Што і казаць,

меў выгляд гарманіста.

 

Але галоўным ўсё ж

былі мелодыі,

Якімі з Божым дарам ва ўнісон,

Душа яго

і здольнасці валодалі —

У вёсцы гарманіст, як фон-барон.

 

І хоць не ведаў

нотаў ён ніколечкі,

Душа Лявона ўсё перамагла —

З-пад пальцаў дробна

вылятала «полечка»,

З-пад іх павольна

«рэчанька» цякла.

 

Гучала «ночка»

з вальсамі, факстротамі,

За імі — ганарысты «кракавяк».

Лявон іграў бы

і далей з ахвотаю,

Ды падышоў сусед,

Якім Казляк.

 

Перад Лявонам стаў

у позе клічніка,

Што ён трапло —

напісана на ім.

Не бачыў свет

такога пад’ялдычніка,

Якім на справе быў

Казляк Якім.

 

— А я прылёг,— пачаў Якім з ухмылкаю,—

Ды чую нейкі вэрхал,

быццам сню.

Я думаў, што сабакі

недзе гыркаюць,

Ці енчыць кот,

ці рэжуць дзесь свінню.

 

А гэта ты

шарманкаю пілікаеш,

Працягваеш паўдня

мяхі ламаць.

Сваімі гукамі,

сваімі зыкамі

Не дазваляеш

праваслаўным спаць...

 

Якім раптоўна

прасвятлеў угоднікам:

— Пажартаваў я...

цісні на лады.

Ды вёска без твайго,

Лявон, гармоніка

Засохне,

Як расліна без вады.

 

Лявон азваўся:

— Жарты твае з чаднасцю,

І непрыемны

слоў тваіх кірмаш,

Таму цяпер я,

напаследак, з радасцю,

Сыграю для цябе,

Якіме, «Марш».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.