epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Наперадзе лецейка

Прымае душ глеба,

Клубяцца папары.

Май, рэшатам неба

Працэджвае хмары.

 

Кудлацінка гаю

Забегла на поле,

Паказвае маю

Зялёнае голле.

 

Кусты ў задуменні

Схілілі галовы.

Ды дожджык вясенні

Кароткі, часовы.

 

І вось ужо сонейка

П’юць далягляды.

І вычурна, тоненька

Жаўрук тчэ рулады.

 

Вясна пастаралася —

Ненадзівіцца.

Прырода прыбралася,

Як маладзіца.

 

Расчысціла рэчанька

Смецця запруды.

Наперадзе лецейка

Й новыя цуды.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.