epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нарэшце адсняжыла

Нарэшце адсняжыла, адмяло,

Заслоны-хмары неба расхінулі,

Прыгрэла сонейка і з стрэхаў пацякло,

Яны раней за ўсіх вясну адчулі.

 

«Дзінь-дзінь» — ледзь гучна талі ледзякі,

Павіслыя, як трубачкі аргана.

Ручай прачнуўся спрытны, гаваркі,

І лес глядзеў у неба закахана.

 

Зямелька адыходзіла ад сну,

Збаўлялася ад покрываў пуховых.

Усё вітала сонца і вясну,

Стаміўшыся ад халадоў зімовых.

 

Я ўпотай спадзяюся кожны год —

Прыйшла вясна — бывай гадоў завея!

І на душы растане смутку лёд,

І сэрца ажыве, памаладзее.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.