epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Народзіны і смерць

Народзіны

І смерць...

А што між імі?

Вялікі сэнс жыцця

Ці марнасць намаганняў?

Ці філасофскіх тайнаў

Глыбіня?

Ці ўсё надзвычай

Проста —

За днём прыходзіць

Ноч...

Такая вось банальнасць,

Празаічнасць —

Як вокладка

Паэзіі жыцця.

 

Народзіны

І смерць —

Падзей падзеі,

Пачатак

І канец,

І мы між імі,

Бо мы і ёсць —

Народзіны

І смерць.

 

Жыццё —

Ёсць мітусня,

Дзе кожны дзень —

Галоўны,

Дзе справы,

Нібы крыгі на рацэ,

Адна адну

Піхаюць нецярпліва,

Дзе мары, мэты,

Шчасце і няшчасце

Сплятаюцца

Ў заблытаны клубок.

І ўсё ж —

Над імі дзве суперпадзеі,

Тытаны два —

Народзіны і смерць.

 

Народзіны —

Загадка, таямніца...

Хто скажа, для чаго

Нам дадзена жыццё?

Каб есці?

Піць?

Пладзіцца?

Каб упрыгожваць свет?

Дык мы яго нявечым.

Ды і само жыццё

Нам — не прыярытэт —

Сабе падобных

Нішчым,

Нішчым,

Нішчым!

І, пэўна, з даўніны

Падлік вякоў сівых —

Забітых значна больш,

Чым сёння

Ўсіх жывых...

Ды ёсць вялікі цуд,

Жыцця прычал —

Народзіны —

Не толькі бедаў

І ахвяр патэнцыял,

Народзіны —

Яшчэ і ручайкі,

Прытокі вечныя

Магутнае ракі.

 

Народзіны...

Загадка і таму,

Што навуковы свет

На жаль, не здольны

Сказаць дакладна:

Адкуль жыццё?

Адказ наўрад ці будзе —

З якіх крыніц

І таямніц

Мы — людзі?

 

А вынік вынікаў,

Падзей падзея —

Наш таямнічы

Адыход у вечнасць,

У іншы свет.

Дзе, як сцвярджаюць

Знаўцы,

Валхвы ўсіх часоў —

Жыццё прадоўжыцца

У вечнай благадаці...

(Хапіла б месца ўсім.)

Але ж, дзе мы —

Там, пэўна, і ўлада,

Бо без яе — хаос.

І хто нам размяркуе прывілеі?

І на каго маліцца,

Апроч Бога?

 

Аптымістычны гэты

Варыянт —

Наш таямнічы адыход

Кудысьці,

Мацуе кволых,

Не кранае дужых.

Яго не варта абвяргаць,

Няхай,

Хто сабе хоча,

Думкай багацее.

 

А навуковы варыянт —

Другі,

Ды ну яго!

Каму ён толькі трэба!

Ён не пускае

Нашы душы ў неба,

А ўсё — ў зямлю,

Ў зямлю —

На спарахнеласць.

Ён прыгнячае

Аптымізм і смеласць.

І ўсё ж я вас

Надзеяй акрылю:

Адсутнасць доказаў

І ў тых,

І ў тых —

Таму заўжды

Ёсць выбар у жывых:

На неба

Ці ў зямлю...

 

На неба ў бессмяротнасць?

Ці ў зямлю?

Вось тут узважыць трэба,

Бяздумна не хапайцеся

За неба:

Каб так было

І ўсе туды шугалі,

О колькі б там было

Зямных грахоў,

Якія б з намі

Перавандравалі.

І пачалі б мы зноў

З «нізоў», з «вярхоў»,

І зайздрасць грызла б нас,

І завяліся б грошы,

І зноў няроўнасць —

Хтосьці — з плеч у печ,

А хтосьці — у раскошы.

 

А што, калі сысці

У чарнату

У немату зямлі...

Хоць там — не рай,

Ды роўныя мы ўсе,

Настолькі роўныя,

Што пазайздросціць могуць

Жывыя на зямлі.

Настолькі роўныя,

Што прах бамжа-бадзягі

І алегарха прах —

Аднолькавыя, побач,

Не адрозніць.

 

Народзіны

І смерць...

Два словы,

Дзве падзеі,

А колькі ў іх

Грунтоўнасці магутнай.

Каб не яны,—

Два вечных берагі,

Жыцця рака

Не пацякла б

Ніколі.

 

Не можа плынь жыцця

На месцы стаць —

Мы будзем нараджацца

Й паміраць.

Мы будзем паміраць

І нараджацца,

Мы — дзеці ўсіх часоў

І розных нацый.

Дзвярэй не абмінуць,

Хоць круць,

Хоць верць,

«Ўваход» і «Выхад» —

Народзіны

І смерць...

Падзяка вам,

Заступнікі святыя,

За унікальны дар —

Прайсці праз дзверы тыя.

2011


2011

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.