epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нас шмат

Ідзе з кійком бабуля,

Наперадзе — клады.

Мінулі вёсны, гулі,

Знасіліся гады.

 

Як хутка час ружовы

Мяняе колер — жуць!

Ёй, дваццаці б гадовай

На выгляд свой зірнуць.

 

Тады такога жуду

Ці вынесла б яна:

— Няўжо такой я буду?

Не можа быць! Мана!

 

О, часу выскалянне

Ах хрэсьбін да смярцей.

За цемру ночы — ранне

Заўсёды карацей.

 

А я? Каб я з юнацтва

Убачыць сёння мог

Гады — маё «багацце»,

Што хутка зваляць з ног.

 

Каб я адтуль убачыў

Зімы на скронях след

Са смехам я б адзначыў:

— Ну й пень стары!

Ну й дзед!

 

Мне б хтосьці пракалякаў:

— Дык гэта ж твой партрэт.

Не толькі б я заплакаў,

Я б роў на цэлы свет...

 

Падзяка, час, за літасць,

І мудрасць тут твая —

Нас паступова, скрытна

«Спяліш» ад «а» да «я».

 

У нас самаправерка,

Як сонца праз туман.

Глядзімся мы ў люстэрка,

У свой самападман.

 

І бачым што? Каго мы?

Аўтапартрэт там наш —

Знаёмы й незнаёмы

Пражытага калаж.

 

Мы ў старасці адчулі,

Што сперадзі — сцяна.

Віват, з кійком бабуля!

Нас шмат — ты не адна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.