epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Наша лета

Хто ў Турцыю, ў Егіпет —

нібы гусі,

Хтось, хоць да чорта ў зубы —

на край света.

Імчаць на адпачынак з Беларусі,

Прабач ім, гэтым людзям,

наша лета.

 

За прывіднай Жар-птушкай

любяць гнацца

Даволі другасортных мараў дзеці.

Ці ж здолее замежжа параўнацца

З прыродай нашай,

лепшай ва ўсім свеце?

 

Ну што ж?

Ім не насыпеш на хвост солі,

Няхай запасяць там загар на пузе.

Замежжа любяць тыя,

хто ніколі

Рамонкаў летам не збіраў на лузе.

 

Той, хто ля рэчкі

не паліў паленне,

Той, хто не бачыў,

як растуць суніцы,

Той, хто ні разу

не паспаў на сене,

Той, хто не піў

з сцюдзёнае крыніцы.

 

І што з таго,

што там над галавою

Чужое сонца так спякотна свеціць?

Ці ж можа пальма-жэрдка

ці сыквойя

Так, як бярозка,

шчыра вас прывеціць?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.