epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Настальгія

Ледзь толькі зароў самалёт мнагатонны,

Узмыў, адарваўся ад стужкі бетоннай,

У Сёмы звалілася з сэрца завала,

А жонка Ілона ад шчасця рыдала.

Да гэтай хвіліны, да гэтага ўзлёту

Спакою не мелі яны ні на ёту.

He нервы — спружына, не сэрцы — ільдзіна,

He думкі, а джалы,— адна мешаніна:

— А раптам сарвецца? He будзе дазволу?

Аматараў шмат палкі сунуць у колы,

Квітнеюць жа бюракратычныя нетры.—

Ды мукі — ў мінулым, яны — у паветры.

Як птушкі яны, акрылёныя воляй,

Мінулае — жудасны сон і не болей.

 

*

Дзяцінства любое — як спеў салавейкі...

Рос Сёмка ў сям’і, дзе не трэслі капейкі,

Таму не чакалі, як Бога, палучку.

У сем’ях такіх водзяць дзетак за ручку

У яслі, садкі, пасля школ — інстытуты.

Ён быў не галодны, адзеты, абуты.

Наогул, дзяцінства, юнацтва, вучоба

Спрыялі Сямёну, каб рос як асоба.

Сямён ганарыўся жыццём асабістым —

He піў, не курыў,

марыў стаць праграмістам.

І мара збылася — дыплом інжынера

Прад ім адчыняў запаветныя дзверы,

Бо «атамны век» сталі зваць

«электронным»,

А раз такі век — карты ў рукі вучоным.

І хоць інжынер стаць вучоным маніўся,

Жыццё ёсць жыццё — і Сямён ажаніўся.

Сустрэў, пакахаў прыгажуню Ілону,

У клопаты ўскочыў, як кажуць, з разгону.

Свой хлеб хоць смачнейшы —

ды сіл патрабуе,

Да хлеба ідзе чалавек, не шыбуе,

He ўлегцы ідзе, а ў штодзённай рабоце,

Бо хлеб прарастае на працы, на поце,

Бо хлеб ад вякоў з мазалямі сябруе.

Што ж, хлеб — галава, ён усюды кіруе.

Сямён з нараджэння гатовае «хрумаў»,

Адкуль што бярэцца — не надта і думаў.

Памёр раптам тата, не стала і мамы,

Сямён разгубіўся — ёсць чэргі і крамы,

Ёсць нізкі заробак, высокія цэны...

Як ноч пасля сонца — жыцця перамены.

Ды створаны з літасцяў свет гэты Боскі —

Ёсць жонка Ілона, бацькі яе з вёскі,

Таму «маладняк» шмат чаго не купляе,

Яно ім на стол нібы з неба трапляе.

 

*

О век інфарматыкі! Век электронны!

Ты знішчыў заслоны хлусні, забароны,

Ты высмеяў творцаў «жалезных заслонаў»,

Ты ўліў вальнадумства ў пакорнасць

мільёнаў.

А колькі ты лёсаў узняў і скалечыў?

Ты догмы ствараў і сабе ж супярэчыў,

Ты жудасна-штучны, ты звышнатуральны,

О век-пабудоўнік! О век разбуральны!

Плыве час, як хмары, цячэ, як вадзіца,

Дало ў гэты час многім нам нарадзіцца.

Нас носяць, валтузяць жыццёвыя хвалі,

Мы страцілі многа, а менш захавалі.

Працягваюць новыя догмы стварацца,

He многім пашчасціць у іх разабрацца...

Сярод тых людзей, тых маўклівых мільёнаў

Жылі-існавалі Ілона з Сямёнам,

Яны не ступілі й нагой у пакуты,

А ў сэрцы выношвалі мары-атруты.

І мары раслі, набывалі бязмежжа —

Прыцягвала, вабіла казка-замежжа.

І відэакліпы, і тэлерэклама

Былі пра замежжа, як родная мама,

Яны грэлі сэрца Сямёну, Ілоне,

І цешылі іх, і трымалі ў палоне.

Ніхто іх не зверне з задумкі-дарогі!

Штодзённа яны абівалі парогі

У розных інстанцыях нашых, замежных,

Ішлі напралом да «краін незалежных»,

Свайго не ўпусцілі — і гэтак бывае,

І кволая кропля валун прабівае.

Яны нездарма «прыніжаліся ў поце»,

Галоўнае — вынік, яны ў самалёце.

 

*

Сядзіць — не міргне, не кранецца Ілона,

Застыла, як тая святая ікона,

Прайшла першарадасць, насталі хвіліны,

Калі чалавек сам сабе — Бог адзіны.

Мы, людзі, дзівосныя надта стварэнні,

Ад продкаў сваіх адрываем карэнні

І ў роспачы можам пытацца ў Сусвету:

— Чаму мы такія — радня пустацвету?

Але не пра гэтае думкі Ілоны —

Якія яшчэ карані? Забабоны!

Няўжо ёй журыцца па вёсцы, па хатах?

Яна ж будзе жыць аж у Злучаных Штатах!

Яна і па Мінску не вельмі бядуе,

Бо новыя планы на заўтра будуе.

А словы якія? Амерыка! Штаты!..

А кажуць жа: — Дурань у думках багаты...

Ляцелі Сямён і Ілона свядома

Далей і далей ад Радзімы, ад дома.

 

*

Зрабіў самалёт дазапраўку ў Шыноне

І зноў — у паветры. He спіцца Ілоне,

Сямёна таксама кусаюць сумненні,

Хоць выгляд і робяць,

што ўсё ім «да фені».

Каб неяк адбіцца, прагнаць роспач крыху,

Яны ні пра што размаўляюць паціху:

— Ці ўсе пры табе дакументы-паперы?

— Правер, ці на месцы ключы ад кватэры.

— Якія ключы? Мы ж здалі іх з кватэрай.

— Ну як табе «віскі» пайшлі за вячэрай?

— Па праўдзе сказаць, яны пахнуць сівухай.

— Маўчы! Ну і цемра! Ты пі і не нюхай!

Прыемныя словы спынілі гаворку:

— Праз сорак хвілін

прызямлімся ў Нью-Ёрку,

Узяць прашу рэмні і ўсім прышпіліцца...

Салон, прыдрамнуўшы, пачаў варушыцца.

Да вокнаў прыліплі, прыціхла гаворка —

Амерыка!.. Гэта ж не Мар’іна Горка.

 

*

Чаму, Беларусь, твае родныя дзеці

Раскіданы, як чужаніцы, па свеце?

У чым тут прычына — задумацца трэба,

Няўжо людзі едуць у пошуках хлеба?

Глыбей і складаней прычына-загадка —

І кінуць шкада, і глытаць, кажуць, гадка.

Па прымаўцы гэтай жывём мы ганебна.

А што чалавеку з маленства патрэбна?

Галоўнае — каб не на словах — на справе

Сябе адчуваць неабходным дзяржаве.

Такую дзяржаву ніхто не пакіне,

Тады эмігрантаў не будзе ў паміне.

 

*

Асноўныя клопаты ўсіх эміграцый —

Прыладзіцца, уладкавацца на працу.

Што гэта надзвычай складана — рэальнасць,

На першым тут месцы стаіць спецыяльнасць.

Другое і важнае — веданне мовы,

He, тут не ў пашане «кульгавагаловы».

Сямён быў упэўнены, што інжынеру

He цяжка зрабіць у Нью-Ёрку кар’еру,

Лічыў, што ў камп’ютарах штосьці кумекаў

Ды і па-англійску ён збольшага бэкаў.

Лічыць-то лічыў, ды, відаць, памыляўся,

Тут цэнт дармавы анідзе не валяўся,

Дыплом наш з мясцовым дыпломам — не роўні,

Іх веды на значна вышэйшым узроўні.

Сямёнаў дыплом выклікаў тут ухмылку,

І ён зразумеў — не паправіць памылку.

Хоць многа і ведаў, выдатна вучыўся,

Ён, як эмігрант, другасортным лічыўся.

Шыкоўныя крамы і горад цудоўны

Закрэсліла слова адно — беспрацоўны.

 

*

Нью-Ёрк фантастычны — уражанняў мора!

Глухі і нямы ён да нейчага гора.

Тут долары правяць, узносяць і губяць,

З кішэняй пустой тут нікога не любяць.

Шуміць і гамоніць Нью-Ёрк шматмільённы,

Чужы, непрыветлівы ён для Ілоны.

Цяпер і сабе ёй не проста прызнацца,

Што гіне, марнее без грошай, без працы,

Што стала дзічэць тут нібыта ў пустыне,

Што сэрца абклала туга па Радзіме.

Туга па Радзіме... He простыя словы...

Адзін прыпаўзці да Радзімы гатовы,

Каб толькі ў зямельцы сваёй пахавалі...

(Навошта вы ў студню старую плявалі?)

Другі — на чужбіне надломлены духам,

На шыю пятлю і... Зямля яму пухам...

Ілона адчула з бязлітасным жахам,

Што сэрца з грудзей вырываецца птахам,

Каб толькі ляцець да Радзімы адзінай,

Бо тут сапраўды стала камнем, ільдзінай,

Яму немагчыма без роднай старонкі —

Там з ветрыкам недзе гамоняць рамонкі,

Там роднае неба, там родная хата,

Маленства, юнацтва... Там — мама і тата...

А тут неўспадзеўкі ад’елі вантробы —

Трушчобы, людзей мітусня, небаскробы.

 

*

Сямён суцяшаў, абнадзейваў Ілону:

— Без моцных удараў не будзе і звону,

Вось нас і штурхае жыццё напачатку,

Усё будзе добра пазней, у парадку.

Ілона са стогнам, праз слёзы: — Даволі!

Я гіну! Мне тут не прыжыцца ніколі!

Манхэтан, Брадвей,

гэта пойла з ільдзінкай,

Усё ненавіджу апошняй крывінкай!

Сямён разгубіўся: — Давай памазгуем...

І нешта прыдумаем, нешта сплануем...

Мо праца ляжыць дзесь, як кажуць,

пад носам?..

Ілона куснула: — Над кім будзеш босам?

Над венікам? Ці над карэлай анучай?

...І змоўклі абодва ад крыўды балючай.

Нарэшце Сямён дачакаўся «узлёту»,

Ён выхадзіў, вымаліў, вырваў работу.

Павінен устаць ён ранюсенькім ранкам,

Калі горад спіць і не пахне світанкам.

Яны ўчатырох і працуюць па парах,

Смяццё, што ў мяшках на усіх тратуарах,

Маланкай хапаюць, аж ломяцца спіны,

І хуценька — да прыбіральнай машыны,

Якая «паўзе» перад імі няслынна —

І ўсё гэта подбегам, бесперапынна.

Мяшкі — ледзь падняць,

не турысцкія ранцы...

— Во янкі! Во чортавы амерыканцы!

У нас бы мяшок і за год не сабраўся,—

Сямён мармытаў, але ўсё ж завіхаўся.

— У Мінску ўвесь час чым заняцца шукаеш,

Рабіў не рабіў, а палучку чакаеш...

Цяпер не да сораму і не да поту,

Я згодзен на ўсё, на любую работу...—

Цягалі смяццё ў прыніжэнні і скрусе

Тры негры і наш інжынер з Беларусі.

 

*

Ілоне і той дасталося не мала,

Нікога, нічога яна не ўспрымала,

He ведала мовы, не мела занятку.

— Ці ж можна жыццё адбудоўваць спачатку?

Няўжо можна сэрца дастаць і адкінуць?

Дык памяць жа ёсць — успаміны не гінуць.

У Мінску ўсё проста было, зразумела,

Работу, сябровак, занятак свой мела,

Машына была — хоць якія калёсы,

He ў роскашы,— а не галодны, не босы.

Чакалі суботу, збіраліся ў вёску...

А тут хоць разбіся, расплюшчыся ў дошку,

Ты — прывід, ты — цень,

ты — нікчэмнасці частка.

He лёс — а пакуты, не горад — а пастка.

Туга па Радзіме... З табой не расстацца,

Плач сэрца не можа ні з чым параўнацца,

Душа ні багацця, ні лекаў не прыме,

Адно толькі выйсце ёсць —

жыць на Радзіме...

Ілона ішла — уваччу было цёмна,

Ішла па Нью-Ёрку амаль беспрытомна,

Без мэты ішла, без надзеі, міжволі,

Заплюшчыла вочы — і вось яна ў полі,

Ідзе па сцяжынках сваёй маладосці

І чуе, як раптам заве яе хтосьці.

А-а, гэта ж матуля дачушку гукае,

Якая адна ў чыстым полі блукае...

Расплюшчыла вочы — машын надта ж многа,

І раптам — удар... І не стала нічога...

1991


1991

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.