epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Наступны дзень

Наступны дзень мой —

грош табе цана,

Што паспрыяеш мне ты —

мала веры.

Надзеі, мары ўсе мае —

Мана,

Задумкі, мэты кволыя —

Хімеры.

 

Ёсць і да вас,

мінулага гады,

Пытанні —

быў я у нястомнай сіле

Рухавы быў калісьці,

Малады,

Вы ж маладосць

у сёння не пусцілі.

 

Заместа светлых мар,

нагналі хмар,

Рэаліі жыцця,

заместа казкі.

Гадоў старых

я сёння уладар

І неўладар былога

з вашай ласкі.

 

І сёння да сябе

папрокі ёсць —

Мяняў я лёгка

«сёння» на «учора»,

Мяняў на ўцехі

лёгка маладосць,

Свой час мяняў

на «па калена мора...»

 

Як слёзы,

ў небе зорачкі зіхцяць,

Загушквае мяне

мой месяц — ліпень.

Наступны дзень,

пакуль я буду спаць,

З запазухі

Няўдачаў камень выкінь.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.