epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Насуперак

Я іду па роднае старонцы —

Дужы,

Блазнюковы,

Малады.

Радуюся раніцы і сонцу,

Расхінаю пругкія гады.

 

Ах, пяшчоціць як

зямелька-маці!

Ах, як шчодрыць абяцанкай лёс!

Як духмяна пахнуць сенажаці,

Як бяздонніць акіян нябёс!

 

Напрасткі выкрочваю,

Няспынна,

Ў новы дзень

пракладваю сляды...

Вёсачкі атульваюць гасцінна,

Ветліва вітаюць гарады.

 

Ах, якая раніца жывая!

Як жыццё і вабіць, і хіне!

Толькі для мяне

вясна спявае!

Свет вялікі —

толькі для мяне!

 

На жыццё гляджу зачаравана —

Што ні крок,

ні мара — вышыня!..

Дзіўная пара самападмана,

Светлага юнацтва чысціня.

 

*

 

Я іду...

Дарога не стаміла.

Ў сэрцы — вольнасць,

У душы — агонь.

Я — у сіле...

А чаму — у мыле,

Быццам пугай высцебаны конь?

 

Думка непакоіць:

— Што за чары?

Я люблю жыццё,

Жыццё — мяне.

Жывяць,

Вабяць,

Крыляць тыя ж мары,

Што ж тады хаду сцішае, гне?

 

Не! Я памыліўся!

Быць не можа,

Каб трыножыў хтосьці мой разбег.

Вунь, як выпраменьваюць прыгожа

Мары — майго лёсу абярэг.

 

А жыццё вакол!

Якое дзіва!

А душы які узнёслы стан!

Я далей выкрочваю шчасліва...

Дык няўжо ізноў самападман?

*

 

Я іду...

Аб марных спраў каменне

Спатыкацца толькі паспявай.—

Паўразуты,

У старым адзенні...

А ці ж зломак я?

Ці ж я гультай?

 

Колькі трэба

мужнасці і злосці,

Каб не згаснуць

знічкай у начы,

Адчуваць сябе,

як дзірка ў мосце,

А ў душы надзею берагчы.

 

Колькі трэба шчырасці?

Без краю!

Каб у казку верыць,

як дзіця,

Каб не даць халоднаму адчаю

Вытруціць жывое ўсё з жыцця.

 

Замяла б мой лёс

гадоў завея

Нават і без памінальных слоў,

Каб ні ратавальніца надзея

І да краю роднага любоў.

 

*

 

Я жыву тваім жыццём,

мой краю,

Нашу повязь час не закране.

Дзіўна як!

Жыццё я́ абмінаю

Ці жыццё праходзіць паўз мяне?

 

Ты, жыццё, маўчыш...

Скажы, Ўсявышні,

У душу шапні, калі не ўслых:

Я жыццю патрэбен,

альбо лішні?

Я адзін ці колькі нас такіх?

 

Вось і б’юся лбом у перашкоды,

На ружовасць дзён

кладзецца цень.

Захады часцей,

радзей усходы,

Ноч даўжэе,

Карацее дзень.

 

Ах, які ты дзіўны,

свет бязмежны!

Захаплення, навізны —

праз край.

Дык няўжо настолькі непазбежны

У душы даверлівай адчай?

 

Я іду...

Даўно не блазнюковы,

Ў сэрцы — вера,

У душы — святло.

Я ісці насуперак гатовы

Перашкодам, колькі б не было.

 

*

 

Я з табою,

ты са мной, мой краю,

Кожны крок з табой

і кожны міг.

Я гады, на жаль, не расхінаю,

Я даўно скрывавіў лоб аб іх.

 

Змовы... перашкоды...

Штосьці... хтосьці...

Ды і ўласных слабасцяў расхляб...

Колькі трэба мужнасці і злосці,

Каб не ўпасці,

не зламацца каб.

 

Колькі трэба

мужнасці і злосці,

Каб трымаць абставінаў удар,

Каб да сівізны ад маладосці

Несці ў сэрцы

творчы Божы дар?

 

Мне ісці дапамагалі?

Казкі!

Чым я абавязаны?

Каму?

Ўсё, што я зрабіў —

не з нечай ласкі,

А, хутчэй, насуперак ўсяму.

 

Я ў дарозе...

Я з яе не збіўся,

Я не збочыў у нябыт з яе.

І хоць я здарожыўся,

стаміўся,

Мне дарога сілы надае.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.