epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Навокал — усё першароднае

Разбегліся хмаркі па небе,

як статак па полі,

А сонца то гляне з-за іх,

то схаваецца зноў.

І гоніць іх ветрык кудысьці

паціху, паволі,

Як той пастушок

гоніць з пашы каровак дамоў.

 

Да слыху данесліся словы —

Ісусе Хрыстос, Святы Ойча...

Далей — не пачуць,

ці «скажы мне...», ці «дапамажы...»

Старая на крыж каля вёскі

хрысцілася тройчы,

Нібыта сам Бог быў распяты

на гэтым крыжы.

 

А вёсачка як выглядае

прыгожа і зграбна,

Пакуль што без дачных катэджаў,

што горш за быльнёг.

Навокал усё — першароднае,

ўтульна, прывабна —

Зямля — парадзіха жыцця,

над якою наш Бог.

20.VII.2017



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.