epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Навука

Можна ўсё навучыцца рабіць —

Граблі, сані, машыну, ракету...

Але як навучыцца любіць?

Як напоўніць рэальнасцю мэту?

 

Нелюбоў — як зараза ў крыві,

Як у шклянцы вады — лыжка перцу.

І штодня не хапае любві

І зямлі, і былінцы, і сэрцу.

 

І знішчаецца годнасць людзей,

Ад спагады — да жорсткасці змены.

І лютуе наш век-ліхадзей,

І узводзіць нянавісці сцены.

 

Ад здзічэлых, замшэлых садоў

Шмат чарвівасці — мала карысці...

Як вярнуць нашым сэрцам любоў?

Дзе знайсці з ачарсвеласці выйсце?


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.