epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нябачная сувязь

Сколь не жыві, а прыйдзецца памерці,

Не будзе ж вечна доўжыцца мой век.

І я жыву, і не баюся смерці,

Для чалавецтва — дробязь чалавек.

 

Гісторыя на шалях часу важыць

Адметнае. Што сёння варажыць?

Маё знікненне мала хто заўважыць —

І правільна: жывому трэба жыць!

 

Для важкасці — у сведкі клічу Бога

І перад ім раскрыю свой сакрэт:

Баюся я не смерці, а другога —

Са мной памрэ унутраны мой свет.

 

Мой свет душы ўсяго Сусвету шырай,

Дзівосны твор жыцця-быцця майго.

Народжаны мой свет душою шчырай,

Не сонца — сэрца свеціць для яго.

 

І тут, пад сэрцам-сонцам — мама й тата,

Пакуль жыву, іх час не паглыне.

Тут родных, блізкіх і сяброў багата,

Іх не злічыць — «жывуць» яны ўва мне.

 

Я іх нашу ў душэ, як скарб бясцэнны —

Часоў, жыцця і смерці кругаверць.

Мяне не стане — і тады імгненна

Усіх паўторна напаткае смерць.

 

Я помню ўсіх — асобна і агульна,

Абліччы бачу праз імжаку слёз.

Я ведаю — ім ува мне утульна,

Бо не ўяўляю я без іх свой лёс.

 

Працягваюць нас звязваць успаміны,

Пякучы сум, бязгучны сэрца крык.

Для многіх сёння я — прамень адзіны,

Што высвятляе іх патухлы лік.

 

Часоў завея памяць замятае,

Бязлітасна з мінулым повязь рве.

Ды ёсць на свеце ісціна святая —

Пакуль мы помнім — чалавек жыве.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.