epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Няма бяды

Я пішу й на рускай мове,

А чаму б і не?

Тут таксама, ў кожным слове,

Частачка мяне.

 

Для духоўнасці каштоўны

Розных моў Парнас.

Я вучыўся ў рускамоўнай

Школе у свой час.

 

Тое ўсё — маё «учора»,

Я яго мінуў.

Безліч беларускіх твораў

Потым я «глынуў».

 

Ды галоўнае багацце

Меў штодзённа я —

Мова таты, мова маці,

Й вёсачка мая.

 

Імі даадукаваны

Я на ўсе гады.

Роднай мове я адданы,

Што да рускай — я з пашанай,

І ў тым няма бяды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.