epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Няпрошаныя госці

Нястомны госць

і нежаданы — смутак,

Любым надвор’ем,

летам і зімой,

Аблюбаваў

Жыцця майго закутак,

Апанаваў абсяг

душэўны мой.

 

Са мною ён —

і ў працы, і ў застоллі,

Апошні час жыцця

бярэ ў палон.

На раны ўсе мае

не хопіць солі

Ў такога нават карніка,

Як ён.

 

Жыццё, я бачу,

давярае чуткам,

Што выб’е клінам клін.

А так ці не?

Па смутку лупіць зноўку

новым смуткам,

На справе ж,

б’е чарговы раз па мне.

 

Хоць госць са мной,

аб чым мне з ім гутарыць?

Чакаю моўчкі,

быццам я адзін,

З якога боку

зноў жыццё ударыць

І ў сэрца мне заб’е

чарговы клін.

 

Мы ўсе ў жыцці

залежым ад кагосьці,

Хто творыць суд над намі —

Бог ці час?

Пайшлі б вы вон,

няпрошаныя госці,

Душэўны боль і смутак —

прэч бы вас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.