epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Няспешнасць

Спыніўся я на роднае зямлі,

Магчыма, першы раз, бо жыў імкліва

І азірнуцца не было калі,

Бо дзень за днём імчалі — і не дзіва!

 

І вось цяпер задумліва стаю,

Стамляе горш за рух няспешнасць гэта,

Як быццам раптам у душу маю

Ўвайшло адлюстраванне таго свету.

 

Нібыта ўзяў і знік я ў нікуды,

Надзею страціў — самае святое.

Жыццё, яно без руху, сапраўды —

Жыццё, але ні тое і ні сёе.

 

Маланкай думка сэрца апякла,

І змрок душы прапаў — каму ён трэба!

Вунь нават птах, без аднаго крыла,

Ўзляцець імкнецца, гледзячы на неба.

 

Жывеш — калі не зломлены твой дух,

Жыццё штодзень — напружаная праца.

Стамляючыся, лепей сцішыць рух,

Толькі не ступар!

Толькі не спыняцца!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.