epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нясу свой крыж

Нясу свой крыж...

За мной бацькоўскі ганак

І крылы шчырых слоў:

— Ляці, сынок!

За мной — маё жыццё

і мой світанак.

А што рыхтуе мне

наступны крок?

 

Я спатыкаўся

і ўставаў з дарогі,

Я вырываўся

з мёртвых гушчароў.

Скрываўлена душа,

не толькі ногі,

Для гэтых ран

не знойдзеш дактароў.

 

Астатнія гады

мяне ці уцешаць?

Ці доўга мне збіваць

касой расу?

Хай перуны грымяць,

сабакі брэшуць,

А я іду,

а я свой крыж нясу.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.