epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Няўдалы лёс

Раслі бярозы разам уахвотку,

Ўсе — ад адной адна ўсяго за крок.

Адна з іх, маладзенькая блазнотка,

Адбеглася цішком на поле — ў бок.

 

«Куды ты так адбеглася, сястрыца? —

Бярозавы захваляваўся гай,—

Ой, цяжка будзе там табе прыжыцца,

Да нас хутчэй вяртайся, уцякай!

 

Адна адну мы падтрымаць гатовы,

Тут весела ў нас заўжды — зірні!»

Але ўцякачка — нуль на тыя словы,

Пусціла ў чыстым полі карані.

 

Яна расла — тут сонца больш, прасторы,

А там дзе сёстры, цень і ў ясны дзень.

Ці ж малады хто думае аб горы,

Калі палае ў душы агмень?

 

Яна глядзела ў будучыню смела,

Шануючы зялёны сарафан.

Але раптоўна бура наляцела,

Зламаўшы у бярозкі белы стан.

 

І жоўкла абязсочанае лісце,

І ўся яна ляжала сумна — ніц,

І плакала яна, ды без карысці,

І ўспамінала ветлівых сястрыц.

 

А гай жалобна нахіліў галовы,

Не дапамогуць ёй расінкі слёз.

Бярозцы абвясціў прысуд суровы

Яе уласны і няўдалы лёс.

 

Яна ляжала сумна ў чыстым полі,

Як непатрэбны, кінуты шкілет...

Ніхто яшчэ ні разу і ніколі

Вясёлым не пайшоў у іншы свет.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.