epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нявеста

Каб мне сказалі жартам ці не жартам:

Каго б ты з дрэў нявестаю назваў?

Я б не вагаўся — стаць нявестай варта

Бярозка-краска, з ёй бы векаваў.

 

Пакіньце пры сабе смяшкі і кпіны,

Падобных цудаў на зямлі няшмат.

Такіх ласкавых рук няма ў жанчыны,

А стан такі не знойдзеш у дзяўчат.

 

Вунь і яна! Ва ўсёй красе — зірніце!

Нахабнік-вецер адхінуў падол.

Яна безабаронная, як дзіце,

Бяскрыўдная яна, нібы анёл.

 

З ёй салавейка па-сяброўску ладзіць,

І ў ёй пярвей за усіх бруіць вясна.

Яна і не абразіць, і не здрадзіць,

А возьме ўвесь наш боль сабе яна.

 

З давён-даўна ёй прысвячалі вершы,

Яе мастак ніводзін не мінаў.

Дык хіба ж я на свеце самы першы

Яе з жывой нявестай параўнаў?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.