epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нязбыўны сон

Усе вярнуліся дахаты,

Хто стрэлам сонны лес будзіў,

Застаўся недзе памагаты —

Ганчак адбіўся, заблудзіў.

 

Зіма прыціхла чорна-бела,

Марозу — не кажы да трох.

І неба мутнае счарнела,

І нехаця, пасалавела,

З-за лесу месяц выткнуў рог.

 

Хоць паляўнічы ледзь не плакаў,

І клікаў, і не спаў начэй,

Але ад гэтага сабаку —

І ні цяплей, і ні лягчэй.

 

За ноччу ноч — і месяц стылы,

І безнадзейнасць — дзень за днём,

І на бягу згасалі сілы,

І ногі пёк мароз агнём.

 

Ён бегаў, выў, брахаў — і слухаў.

Ён ратаваў сябе, як мог...

Засмучаная завіруха

Заплакала над ім, дзе лёг.

 

А недзе рог трубіў зазыўна

І клікаў на адчайны гон.

Няўжо ён бачыць сон нязбыўны,

Прыемны і апошні сон.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.