epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Няздзейсненыя мары

З натуры

 

Ён ляжаў на тратуары

Плямным тварам дагары.

Адсмяяўся, адгутарыў,

Хоць узростам — не стары.

 

Ён ляжаў схуднелы, спіты,

Не адзенне — ашмаццё.

Недагледжаны, нямыты,

Ледзь заўважыўшы жыццё.

 

Ён ляжаў навідавоку

Тратуарнай табалы.

На яго глядзеў звысоку

Кожны — сталы і малы.

 

Хутка й «хуткая» прымчала

І міліцыі нарад.

Склалі штось, ды толку мала,

Смерць — яна і чорту брат.

 

Вось і ўсё. Адмітусіўся,

І цяпер — апошні шлях.

Хтосьці ўслед куснуў: — Дапіўся!

Гіцаль, ёкарны твой лях!

 

Я міжволі глянуў скоса

На нястрымка-языка.

Шкадаваў я не п’янтоса.

А малога хлапчука.

 

Як і ўсе мы, ён таксама

Падрастаў бы матылёк.

Першым выўчыў слова «ма-ма-а»,

А за ім быў першы крок.

 

Потым — розных спраў стасунак,

Школа, мары, планы — «я».

І вясельны пацалунак,

І уласная сям’я.

 

Ўсё прыстойна і прыгожа,

Не жыццё — дзівосны сон..

Дзе ж ён хістануўся, Божа?

Як скаціўся пад адхон?..

 

Бачыў я на тратуары

Не аджылага пітка,

А няздзейсненыя мары

Ад анёлка-хлапчука.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.