epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Нязменнае меню

Дні варочаюцца, як жорны,

Перамолваюць зерне падзей.

Выпякае час сум наш чорны,

Белай радасці хлеб радзей.

 

І на крайчык надзей,

як на лаву,

Сціпла месціцца стомлены лёс.

І у думак счарнелую каву,

Замест цукру — гаркоціну слёз.

 

Ноч ідзе — мала ёй даверу,

Сэрца цешыцца кожнаму дню.

На сняданак і на вячэру

Не мяняецца ўжо меню.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.