epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не адракайся...

Не адракайся ад мяне, Радзіма,

Ні пры жыцці і ні пасля мяне,

Бо і ўявіць такое немагчыма,

І не прысніць у самым страшным сне.

 

Я твой з народзін — і табе вядома,

Як творчы свет ствараў душой сваёй.

Усё, што я рабіў — рабіў свядома,

Сумленна, дзень за днём, у гонар твой.

 

Хоць ззяў над галавою серп і молат

І светлай абяцанкай гімн гучаў,

У вочы зазіраў нярэдка голад,

Надзею й безнадзейнасць спалучаў.

 

Ты «маскаліш», «сусвеціш» і «еўропіць»,

Выпрабаванні часу п’еш да дна.

А нас усіх увагай не ахопіш

Нас у цябе — мільёны, ты — адна.

 

А ты адна — вакол інтрыг драпежнасць,

Ты многімі пастаўлена на кон.

Жывеш ты! Захавала незалежнасць!

Прымі за гэта да зямлі паклон.

 

Ніколі я не марыў аб багацці,

Бо ты духоўны свет адкрыла мне.

Ты для мяне была заўсёды — маці,

З маёй матуляй роднай — нараўне.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.