epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не бачыў нідзе

Якія сосны —

Ўздоўж дарогі на Нясвіж!

Як помнікі,

стаяць маўкліва.

І хоць я доўга па зямлі

нясу свой крыж,

Падобнага не бачыў дзіва.

 

Мы побач з матухнай-Прыродай —

Слабакі,

Яе магчымасцяў —

Мы цені.

Стварыць на зайздрасць нам

дзівосны цуд такі,

Мог толькі

незвычайны геній.

 

Я нарадзіўся ў вёсцы,

побач з лесам рос

Знаёмы з лесаказачнай айчынай.

І ўсё ж такі

не сустракаўся мне дзівос

Нідзе —

І на Лагойшчыне адзінай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.