epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не буду вiнiцца

Не буду вiнiцца, як гнуткi угоднiк,

I клiкаць святых на падмогу.

Не буду вiнiцца, бо я грахаводнiк

Такi, што не снiлася й Богу.

 

Бацькоў пры жыццi атулiў я любоўю,

А потым, як родных не стала,

Я сэрца палю над памылкай сыноўняй —

Любiў... ды да крыўднага мала.

 

Цяпер не памогуць нi слёзы, нi крыкi,

Хоць локцi пагрыз бы, здаецца...

I гэта — галоўны мой грэх, найвялiкi,

Нiдзе ад якога не дзецца.

 

Другiя грахi?..

О, i iншых хапае!

Я ж з роду браткоў-беларусаў.

Мне сэрца атручвала прагнасць сляпая

Да ўсiх забаронаў-спакусаў.

 

Гарэлка сушыла мазгi i пачуццi —

Не збочыла, не абмiнала.

Вышэйшых гатункаў i рознае муцi

I пробваў, i выпiў нямала.

 

Жаночыя ласкi — як ружы, як глогi —

Паколюць, пякуча параняць,

Ды як не глядзець на жаночыя ногi,

На ўсё, што хвалюе i вабiць?

 

У розных напрамках закiдваю вуды —

Лаўлю, а дакладней,— лаўлюся.

Грашыў i грашу i, напэўнае, буду,

Пакуль з капытоў не звалюся.

 

Адно суцяшае — хоць яблык надкусваў

I грэшнасць да лёсу прывадзiў,

Затое нi разу ў абдымках спакусаў

Сваёй Беларусi не здрадзiў.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.