epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не хапае...

Што чалавеку трэба пры народзінах,

З’явіўшамуся ў гэты свет людзей?

Адзінае — каб рукі

маці родненькай

Пяшчоцілі й паднеслі да грудзей.

 

Каб засынаць,

спавітым калыханкаю,

Ў салодкай, бесклапотнай цішыні,

Каб побач са сваёю

роднай мамкаю

Ў жыццё прарошчваць лёсу карані.

 

А потым?

Кожны з нас, жыццём закручаны —

Падзеямі, праблемамі, людзьмі.

І хоць жыццё і смерць сплялі заручыны

Мы застаемся да канца дзяцьмі.

 

І ў самай, што ні ёсць,

глыбокай старасці,

Малечых сноў ружовых не стае,

Нам не хапае мамінай ласкавасці

І калыханкі просценькай яе.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.