epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не для прэсы

У вёсак — жыцця надвячорак,

І лёс — аднаддзён-матылькоў —

Удоўствуе кожны падворак,

І вочы адвыклі ад зорак,

Не чуецца цокат падкоў.

 

Карова рыкае ў мінулым,

Браханне сабак — дзе-нідзе.

Не выбарачна, а агулам

Спусценне па вёсках брыдзе.

 

Ні моладзі, ні цверазення,

Гармонік нідзе не пачуць.

Старыя ссыхаюць карэнні

І парасткі з іх не растуць.

 

Штодзённа крутыя замесы,

Камяк — не глынуць, повен рот...

Напісанае — «не для прэсы»,

Для прэсы — ўсё наадварот.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.