epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не ганіся... за двума

Вось што было на паляванні —

На ўскідку у лісу я цэліў.

І хоць спяшаўся ў хваляванні,

Бабахнуў і яе застрэліў.

 

Падбег...

Яна ж ляжала ціха,

Але з адкрытымі вачыма.

Раптоўна, як на тое ліха,

Паволі заяц клыпаў міма.

 

І марыцца маёму воку:

Мне ўсе зайздросцяць, як герою —

Ліса вісіць з аднаго боку,

З другога заяц — так я мрою.

 

Бабахнуў я па ім з гарачкі,

Ды смалянуў, відаць, няўдала,

Бо заяц мой — каб яго качкі,

Нырнуў у ельнічак, даў драла.

 

Я да лісы кірую чуні,

Але аслупянеў раптоўна —

Адны сляды ад той хітруні,

Збег ад мяне трафей каштоўны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.