epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не я складаю вершы

Я, пэўна, ў плагіяце самы першы,

Але маўчаць сумленне не дае.

Сазнаюся — не я складаю вершы,

Якія ў свет выношу, як свае.

 

Пісаць, як «я пішу» — я бы не здолеў

Без аўтараў, хто талентам — сам Бог.

Раздольнасць крылаў-слоў я ўзяў у поля,

Яго адвечны спеў падслухаць змог.

 

Пісаў бы я ненатуральна, штучна,

І шэра б выглядаў мой творчы дах,

Каб не адчуў, наколькі мілагучна

Спяваюць летам краскі на лугах.

 

Бор вабіць задуменнасцю духоўнай

І прапануе прахалоды цень.

А вунь з якой дзявоцкасцю чароўнай

Бярозы апяваюць летні дзень.

 

А што за ночы! Сэрцу птушкі-коні

У зорным небе бачацца найперш.

Пяе там муза ў велічным бяздонні —

І нават не паэт складае верш.

 

Застыў паўмесяц, як агарак-свечка,

Задумаўся аб нечым, нібы спіць.

Пасерабрыла сваю песню рэчка

І між каменняў ціхенька звініць.

 

А што казаць пра дзеяслоў зімовы!

Яго я тайну разгадаць паспеў.

У ім — крыштальна-казачныя словы,

І сумны, і пагрозлівы напеў.

 

Вось так пішу — падслухаю, падгледжу,

Настрой адчую, зазірну ў душу.

Я ад сваіх «сааўтараў» залежу,

Яны складаюць мне, а я — пішу.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.