epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не паспеў...

Сціхае разгалосы жыццяспеў,

Ды ўсё мацней гучыць над гэтым хорам

Адно пытанне: — Што я не паспеў?

Што пойдзе след за мной нямым дакорам?

 

Пытанне гэта па душы скрабе,

І мой адказ —

Далёка не Эзопаў:

Не ўратаваў сябе я ад сябе,

Ад слабасцяў сваіх і недахопаў.

 

Іх не адолеў — позна бедаваць,

Не ставіў ветразь самым дзёрзкім мэтам.

Ў душы не здолеў Храм пабудаваць,

Каб мець паразуменне з гэтым светам.

 

Трапляў пад гузакі памылак лоб,

Маланкава мільгалі дні і ночы,

Жыццё круціў жыцця калейдаскоп —

Я й не паспеў жыццю зірнуць у вочы.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.