epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не паўторыцца век залаты

Адплылі журавы, адгалосілі,

І прыцьмянела ў сэрцы святло.

Асляпляльнае золата восені

Адбуяла, пад ногі лягло.

 

Адспявана ў лясах, адгамонена,

Адквітнелі палі і лугі.

І душа ціхім сумам напоўнена,

І згарбеў небасхіл ад тугі.

 

Ой, дарэмна ты, восень, сутулішся!

Ты паўторышся зноў — год міне,

Зноў парчой залатою атулішся —

Усміхніся, зірні на мяне.

 

Мной патрачана шмат без ашчаднасці —

Квецень саду, узлёт малады,

Асляпляльнае золата радасці

І гарачыя коні-гады.

 

Нам з табой — ні раўняцца, ні мерацца,

Бачыць Бог — шчаслівейшая ты,

Бо маё ўжо ніколі не вернецца,

Не паўторыцца век залаты.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.