epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не прыму

Калі ёсць за грахі прабачэнне

Ад людзей,

Ад зямлі,

Ад нябёс,

Не прыму я яго,

не агучу маленне

За душы ратаванне, за лёс.

 

Лёгка ласкай чужой захінуцца.

Пакаяннем напоўніўшы рот.

Прабачэнне прыняўшы,

грахі застануцца,

Лепш было бы ўсё наадварот.

 

Душы шчырыя ёсць,

Ёсць і тыя,

Для каго ў Храм сцязя, як шаша.

У царкву я іду

і на святы святыя,

А часцей — калі просіць душа.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.