epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не сакрэт

Нябёс бяздонне, акіянаў сінь

У параўнанні з ім — усё ж дзіця.

Найбольшая з вядомых велічынь —

Апошні міг свядомага жыцця.

 

Ён высветліць падзеі, час і нас

З народзін да канца, дзе долу край.

Дае магчымасць нам апошні раз

Паслаць жыццю апошняе «бывай».

 

Імчаць гады, не прытрымаеш іх,

Усіх адно чакае — не сакрэт.

Пражыў стагоддзе, а, здаецца,— міг.

А што сказаць ў канцы жыцця пра тых,

Хто маладым пакінуў гэты свет?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.