epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не спяшайцеся

Не спяшайцеся. Хоць на хвілінку

Прыпыніце сваю хаду.

Не мінайце бярозку-дзяўчынку,

Што глядзіцца ў люстэрка-ваду.

 

Вунь, на полі цвіце карагодна

Непаўторная сінь васількоў.

Колькі ў іх беларускасці роднай

І бяздоння блакітных вякоў.

 

Аблачына — у белым халаце

Вас вітаць прыплыла здаля.

Рада вам і карміцелька-маці,

Усыпальніца продкаў — зямля.

 

Гай зялёны, бары ў лёгкай дымцы,

Зазываюць вас, нібы радню.

Прымуць вас у абшары-абдымкі,

І падораць сваю чысціню.

 

Канфеці матылькоў-аднаддзёнкаў,

Краскі ў лузе, як райскі кут.

І прыбой белапенных рамонкаў —

Дзе вы гэткі сустрэнеце цуд?

 

Не спяшайцеся! — шэпчуць вам дрэвы

І палі залачоных ніў,

Подых ветру, птушыныя спевы

І — усё, што Гасподзь блаславіў.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.