epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не тое і не так?

Не смерць палохае мяне,

Хоць і яна

Не на апошнім месцы сярод страхаў,

А тое, што Парнасу вышыня

Не для такіх, як я,

Бяскрылых птахаў.

 

А, можа, той Парнас —

Не больш, чым міф,

Неіснуючы ў вышыні захмарнай?

А я усё жыццё, як той Сізіф,

Свае тамы туды піхаю марна.

 

Я — ў верх, у верх,

А намаганні — на нулі,

А поспехі —

Як міражы ў пустыні.

Імкнуўся ў вышыню, а на зямлі,

Мяне чакалі творчыя вяршыні.

 

Не прычакалі...

Й горка ад таго,

Быў пік жыцця, хоць мой,

Ды безыменны.

І толькі фініш мой — імя майго,

І надпіс на крыжы: «Пражыў дарэмна».

*

Палохае мяне фінал такі —

Як кажуць,

Прэч з вачэй і з сэрца вон.

Й гады не захаваюць (не вякі)

Майго імя сярод другіх імён.

 

Якога ж д’ябла мітусіўся я!

Не даядаў,

Не дасынаў,

Не да...

Калі ўся праца творчая мая —

У нікуды, як праз пясок вада.

 

І гэта вельмі страшна для мяне —

Так, пэўна, родзіць страх

Лясам тартак.

Праз хуткі час маё жыццё міне —

Няўжо рабіў не тое

І не так?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.