epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не ў пару

Кажуць, той вунь, у пару памёр, той рана...

Хто адлічвае, адмервае наш век?

Смерць, як правіла, прыходзіць нечакана,

Хоць старэе, хоць хварэе чалавек.

 

Хіба ж можна у зямлю сырую легчы

Ані позна, ані рана — ў самы раз?

І хаця нам «чорнай меткі» не пазбегчы,

Без пары магіла прытуляе нас.

 

Як вы хочаце сабе, а я памру,

Хоць і ў сто гадоў, а ўсё-такі не ў пару.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.