epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не выказаць услых

Душы няўмольна памнажаюць боль

Вачэй нажы, халодных слоў каменні.

Душа, як голы казачны кароль,

Пакутуе ў адзенні-летуценні.

 

У крыўдах — і сучасных, і былых,

Ірве пялёсткі-дні: няверу-веру.

І, бачыць Бог — не выказаць услых

Пакут — і не пакласці на паперу.

 

Каб штосьці праясніць — яшчэ дадам,

Магчыма, зноў туманна, аднабока:

У вельмі многім вінаваты сам,

Ды ўсё ж, да лыжкі дзёгцю мне далёка.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.