epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не выпаў з часу

З давён-даўна, з далёкага далёка,

Адкуль выток жыцця незамутнёны,

За намі сочыць нашых продкаў вока

І душаў іх іканастас іконны.

 

Я адчуваю часу пульс выразна,

Ці супадае з ім мой пульс уласны?

Адказна б’ецца ён ці безадказна?

На жаль, мне не адкажа час сучасны.

 

Пытанні без адказу, як пакуты

Няспынныя, ад іх нідзе не дзецца,

Яны — спякоты жар і холад люты,

І гэта востра адчувае сэрца.

 

Шкада, што чалавечы век кароткі,

Ад нас час уцякае без аглядкі.

І ўсё ж вас адчуваю сэрцам, продкі,

І чую вас, далёкія нашчадкі.

 

А калі так, мой лёс не выпаў з часу

І не згубіўся ў мітусні жыццёвай.

Агню я ў сэрцы аб былым не згашу

І буду пець аб будучыні новай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.