epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Не зусім бяда

Хоць пакаяннем сэрца ўкроў скрышы,

Лёс не палепшыць ні на дзень, ні разу.

Зубамі памяці не выгрызці з душы

Трагедый і памылак метастазы.

 

І чым бліжэй да Страшнага Суда,

Тым больш грахоў, душэўных ран адзначыш.

І ўсё ж іх колькасць — не зусім бяда,

У тым бяда, што іх не перайначыш.

 

Калі ж душу жыццё не закране

Грымасай ганьбы ці усмешкай славы,

Мертвячынай ад чалавека тхне,

Хоць з выгляду жывы ён і рухавы.

 

Такіх няшмат, але яны ўсё ж ёсць,

Каго не закрануць падзеі, словы...

Боль у душы — ён гаспадар, не госць,

Баліць душа — і чалавек здаровы.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.